Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

8 мая 2018 г. 22:41

264

4

Анатоль Брусевіч – наймалодшы з той кагорты гарадзенскіх паэтаў, якія прыйшлі ў літаратуру напачатку 90-х. Яшчэ вучнем ён быў на роўных са сваімі старэйшымі сябрамі па паэтычнаму цэху. Побач друкаваўся ў адніх выданнях, разам выступаў на паэтычных імпрэзах, меў свае прынцыпы адносна паэзіі і ўпарта трымаўся іх. З той кагорты сёння сярод жывых яшчэ толькі Юрась Пацюпа. Андрэй Пяткевіч, Эдзік Мазько і Юры Гумянюк адыйшлі ў іншы свет, пакінуўшы жывым сваю паэтычную спадчыну. І Анатоль Брусевіч сёння як пасярэднік паміж імі і нашым светам. Невыпадкова менавіта ён дапамагаў у выхадзе пасмяротнай кнігі Эдзіка Мазька “Займеньнікі”, напісаў прадмову да пасмяротнай кнігі Юрыя Гуменюка “Назаві мяне геніем”, дапамагаў у выданні кнігі Андрэя Пяткевіча "Шчасьлівым сканаць". Анатоль Брусевіч адчувае тую адказнасць, якую ўсклаў на яго лёс.

З вялікім спазненнем выйшла яго ўласная кніга паэзіі, якую ён назваў досыць нечакана – “Апошні дзень”. Пра назву зборніка паэт кажа, што не трэба песімістычна ўспрымаць яе, маўляў, апошні дзень можа быць, калі не шанцуе, або апошні дзень несвабоды, або кепскага надвор’е.

Сам сябе паэт называе дэкадэнтам, а сваю паэзію – дэкадэнцкай. Праўда, называць паэзію Брусевіча дэкадэнцкай, а значыць упадніцкай, не выпадае. Іншая справа, што ўсе паэты гарадзенскай кагорты старанна абміналі паэтычную экзальтаванасць і няшчыры, тэатральны аптымізм. Таму большасць вершаў Брусевіча ў мінорнай танальнасці. Паказальны тут верш “Я зразумеў, што я – ніхто”.

Цяпер я – звер, бо без душы.
Душа распалася на часткі.
І Бог, што сёння на крыжы,
Распяты ўчора з маёй ласкі.

Але той чалавек, які пазнае ў сабе звера – ужо не звер, бо разумее, чаго трэба пазбыцца, каб стаць лепшым.
Брусевіч сваімі вершамі выганяе з сябе звера. Гэты звер сядзіць у кожным чалавеку. Але не кожны яго бачыць і не кожны імкнецца яго пазбыцца.

Брусевіч, праўда, разумее, што ў нечым гэта Сізіфава праца. Але вера памірае апошняй.

Толькі на гэтым свеце
Мала хто будзе рады
Вымесці з душаў смецце
Славы, грошаў і ўлады.